ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.

Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.​Моцарта, Л.​Бетховена, М.​Глінкі, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Ф.​Шапэна, арыі з опер Ж.​Бізэ, рамансы Р.​Шумана, А.​Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.

В.​А.​Цыбуля.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)